БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Працаваў у Маскве з 11 ліп. да 12 жн. 1918. Арганізаваны культ.-асв. аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята. Загадчык ун-та П.​А.​Урбановіч. Заняткі наведвалі 57 чал., пераважна школьныя настаўнікі Беларусі. Яны праслухалі лекцыі па бел. гісторыі, л-ры, мове, эканоміцы, геаграфіі і інш. Сярод лектараў Дз.​М.​Анучын («Да пытання аб тэрыторыі Беларусі»), У.​І.​Пічэта («Гісторыя беларускага народа»), А.​М.​Ясінскі («Гісторыя адукацыі на Беларусі»), П.​А.​Растаргуеў («Беларуская мова»), З.​Х.​Жылуновіч («Агляд беларускай літаратуры») і інш. Слухачы адначасова наведвалі лекцыі на Усерас. настаўніцкіх курсах, арганізаваных Наркамасветы РСФСР. Частка прачытаных лекцый выдадзена пад назвай «Курс беларусазнаўства» (1918—20).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)